Утраченное наследие (Страчаная спадчына)

Created
24.02.2016

Бесчисленные военные лихолетья, а также небрежное отношение к своему культурному наследию лишили белорусский народ многих ценных архитектурных сооружений.

В 2003 году на белорусском языке вышла в свет книга «Страчаная спадчына», которая знакомит читателя с памятниками национального зодчества, уничтоженными временем и людьми. Выяснить об утраченном наследии позволили архивные документы, материалы археологических исследований и публикации в специальных научных изданиях. Из представленного материала можно узнать причины варварского уничтожения замков, культовых сооружений, дворцов и разрушения градостроительных комплексов. Предлагаемый материал иллюстрирован старыми фотоснимками, рисунками и планами.

 

Пінск

Разгледзім другі горад Берасцейскай вобласці — Пінск, дзе за апошнія 30–35 гадоў у працэсе праводзімай рэканструкцыі была разбурана цэласнасць унікальнай прасторавай структуры. Пачатак фармаванню горада паклаў дзядзінец на беразе ракі Піны, у месцы зліцця яе з Прыпяццю. У XI–XIII стст. вакол яго склаўся ўмацаваны валам і ровам навакольны горад. Дзядзінец размяшчаўся ў межах сучасных вуліц Чайкоўскага і заходняй часткі плошчы Леніна, навакольны горад — вуліцы Горкага і ўсходняга боку плошчы. У XIV ст. навакольны горад пашырыўся на ўсход, яго мяжа прайшла па сучаснай вуліцы В. Харужай. Тут у сістэме ўмацаванняў мясціўся францысканскі кляштар, заснаваны ў 1396 г. Археалагічныя раскопкі сведчаць пра радыяльна-паўкальцавую планіроўку вакольнага горада. Напрамкі вуліц XIII і XIV стст. захоўваліся да канца XVIII ст.

План Пинска конца XVIII векаУ XVI ст. у Пінску існавалі замак, 14 цэркваў, францысканскі і праваслаўны Варварынскі манастыры, уязныя брамы, Троіцкі мост цераз Піну і 25 вуліц. У замку знаходзіўся княжацкі, пасля старасцінскі палац, будынкі гарадской адміністрацыі, мураваны сабор святога Дзмітрыя, царква святога Фёдара, дамы гараджан. Побач з замкам сфармавалася гандлёвая плошча, у забудову якой уваходзіла ратуша 1628 г., гандлёвыя рады, езуіцкі калегіум з касцёлам 1631–1635 гг., вуніяцкая царква. Паблізу плошчы ў 1506 г. заснавана сінагога. У 1666 г. закладзены драўляны кляштар дамініканцаў, у 1770 г. узведзены мураваны. Да 1510 г. адносіцца закладка мураванага францысканскага касцёла, да 1712–1730 гг. — карэнная рэканструкцыя ўсяго манастыра, а да 1817 г. — будаўніцтва ў ім званіцы.

У XVI і XVII стст. Пінск меў тры паясы абарончых збудаванняў: замак, паўкальцо ўмацаванняў прыкладна па трасе сучасных вуліц Горкага і В. Харужай, паўкальцо ўмацаванняў па трасе вуліц Завальнай і Равецкай. Пінск гэтага часу апісаў у пачатку XX ст. вядомы гісторык А. С. Грушэўскі. Частка горада, што прымыкала да замка і была абмежавана другім поясам умацаванняў, называлася «паркан» і ўключала найбольш самавітую забудову. Тут знаходзіліся цэрквы: Мікалаеўская і Троіцкая мураваныя, Міхайлаўская і іншыя. Троіцкая царква стаяла ля Троіцкага моста і ўваходзіла ў агульную сістэму абароны. Відаць, тэрыторыя «паркана» адпавядала навакольнаму гораду XIII–XIV стст. Тэрыторыя паміж другім і трэцім, вонкавым паясамі ўмацаванняў называлася «мяста». Кварталы тут адрозніваліся больш рэдкай забудовай, якая чаргавалася з сельскагаспадарчымі ўгоддзямі.

У 1553–1555 і 1565 гг. праводзіліся так званыя памеры горада. Мэта памераў заключалася ў размежаванні і апісанні дзяржаўных маёнткаў, што было неабходна пры паўсюднай цераспалосіцы земляў. Калі землі прыватных уласнікаў уразаліся ў тэрыторыю дзяржаўных маёнткаў, праводзілася спрашчэнне межаў, экспрапрыяцыя некаторых прыватнаўласніцкіх маёнткаў з надзяленнем зямлёй у іншым месцы.

За перыяд паміж першай і другой «памерамі» Пінск вырас у 1,3 раза. Яго пашырэнне адбывалася за кошт павелічэння колькасці ўчасткаў домаўладанняў і суправаджалася пракладкай новых вуліц і падаўжэннем старых. У той жа час рост насельніцтва выклікаў драбленне ўчасткаў, якія ў цэнтры зменшыліся ў 2–1,6 раза; на ўскраінах іх памеры павялічваліся. Пры гэтым новыя ўчасткі на перыферыі былі меншыя за старыя ў цэнтры, што прывяло да змяншэння ў сярэднім сядзібных надзелаў.

Трэба адзначыць, што, як і многія гарады, у XVII–XVIII стст. Пінск неаднойчы разбураўся ў час ваенных дзеянняў. Замак і іншыя раёны спалены ў час антыфеадальнай вайны 1648–1651 гг. у Беларусі, моцна пацярпелі ў вайну Расеі з Рэччу Паспалітай 1654–1667 гг., а таксама ў Паўночную вайну 1700–1721 гг., калі горад разрабавалі войскі Карла XII.

Уяўленне аб няправільнай радыяльна-паўкальцавой планіровачнай сетцы і размяшчэнні асноўных будынкаў дае «План Менскай губерні павятовага горада Пінска» канца XVIII ст. Замак і гандлёвая плошча служылі месцам сыходжання вуліц. Аднак невялікі замак адыгрываў у плане горада меншую ролю, чым, напрыклад, у Полацку. Вылучаліся дзве асноўныя паўкальцавыя магістралі: адна разгаліноўвалася каля дамініканскага кляштара, другая, якая адпавядала сучаснай Завальнай вуліцы, абмяжоўвала горад на поўначы і захадзе. Пад канец XVIII ст. ужо не існаваў другі пояс абарончых збудаванняў, аднак замак і ўсю тэрыторыю Пінска яшчэ абкружалі равы. Гарадскія вуліцы былі пераменнай шырыні, кварталы разнастайных, няправільных абрысаў.

Усходнюю частку горада займала прадмесце Каралін, якое забудоўвалася з канца XVII ст. Яго кварталы мелі простакутную канфігурацыю (у межах сучасных вуліц Савецкай, Кірава, Насырава, Дняпроўскай флатыліі). У 1701 г. князем М.Вішнявецкім паблізу жылой забудовы прадмесця пачата ўзвядзенне палаца з землянымі ўмацаваннямі — чатырма вуглавымі бастыёнамі і курцінамі, аднак у 1706 г. падчас Паўночнай вайны ён быў разбураны дашчэнту.

План г.Пинска 1906 года

У першай палове XIX ст. складзены праект рэгулярнай перапланіроўкі Пінска. Яго развіццё ў параўнанні з канцом XVIII ст. добра ілюструе план 1856 г. Пры значнай трансфармацыі вулічнай сеткі захавалася радыяльна-паўкальцавая схема. Узбуйненыя кварталы атрымалі правільныя абрысы, вуліцы — раўнамерную шырыню. Цалкам засталася траса галоўнай вуліцы, што выклікана наяўнасцю капітальнай забудовы (Вялікая Францысканская, у пачатку XX ст. — Вялікая Кіеўская, у 1920-1930-ых гг. — Касцюшкі, пазней Леніна). Іншыя радыяльныя вуліцы — Берасцейская, Ганчарская (З. Касмадзям'янскай), Пецярбургская (Першамайская), Папярочная Школьная (Бялова) — замянілі няправільныя, свабодна сфармаваныя радыяльныя напрамкі. Пераемнасць прасочвалася і ў рэканструкцыі Караліна, вуліцы якога толькі нязначна змянілі сваю канфігурацыю.

Сучасная вулічная сетка з'яўляецца вынікам рэгулярнай перапланіроўкі. Пры гэтым усе вуліцы можна падзяліць на тры тыпы. Да першага тыпу адносяцца тыя, сённяшнія абрысы якіх склаліся яшчэ да перапланіроўкі: вуліца Леніна і большасць трас прадмесця Каралін. Другі тып — вуліцы, якія ў працэсе рэканструкцыі змяніліся нязначна: выраўнаваны адзін альбо абодва іх бакі пры ранейшых напрамку і агульных абрысах. Трэці тып — вуліцы, пракладзеныя нанова, але з улікам напрамкаў вуліц і тупікоў, якія існавалі раней.

Пры перапланіроўцы пашырылася галоўная плошча, яе бакі сталі прамалінейнымі. Захаваліся асноўныя будынкі, за выключэннем ратушы, якая да сярэдзіны XIX ст. ужо не існавала. На месцы драўляных карпусоў гандлёвых радоў пабудаваны два мураваныя, якія ў плане прыкладна паўтарылі абрысы старых, што сведчыць аб прынцыпе традыцыйнасці ў фармаванні плошчы. Для паляпшэння функцыянавання перад імі дадаткова былі створаны адкрытыя прасторы. Не ажыццявілася рэканструкцыя заняпалага замка, якая меркавалася ў праекце.

Пінск шпарка развіваецца ў перыяд капіталізму, калі будуецца большая частка наяўных цяпер будынкаў гістарычнага раёна. Горад гэтага часу характарызуе план 1906 г. Сістэма вуліц эпохі класіцызму з'явлілася асновай для далейшага развіцця горада і да пачатку XX ст. не змянілася. У цэнтры дазвалялася толькі мураванае будаўніцтва. Тэрыторыя рэгламентаванай забудовы цягнулася ўздоўж сучасных вуліц Берасцейскай, Першамайскай, плошчы Леніна, уключала кварталы паміж набярэжнай і вуліцамі Каржа (Прадольнай Школьнай), Заслонава (Плеўскай), Кірава (Купецкай, альбо Вялікай Альбрэхтаўскай) і Насырава (завулкам Прадольным Замкавым).

У 1920-1930-ых гг., калі Пінск уваходзіў у склад Польшчы, у вялікіх аб'ёмах ажыццяўлялася выбарачнае будаўніцтва, якое не ўнесла значных змен у прасторавую структуру цэнтральнай часткі горада. Новыя будынкі служылі гарманічнымі дапаўненнямі існуючай забудовы. Гэты кароткачасовы перыяд, як і папярэднія эпохі, вызначаецца архітэктурнай стылістыкай — самастойнай культурнай з'явай у гісторыі развіцця гарадскога асяроддзя.

У адрозненне ад многіх іншых населеных месцаў, разбурэнні Пінска ў час Другой сусветнай вайны былі невялікія. У першыя пасляваенныя гады пашкоджаныя жылыя і грамадскія старыя збудаванні рэканструяваліся, новыя будынкі дапаўнялі традыцыйную кампазіцыю горада. Іх маштаб і стылявое вырашэнне, будаўнічыя матэрыялы адпавядалі асаблівасцям гістарычнага раёна. Такое становішча ў разглядаемы перыяд было выклікана не столькі пазітыўнымі адносінамі да горадабудаўнічай спадчыны, якое заставалася сімвалам аджыўшага буржуазнага грамадства, колькі сціплымі дзяржаўнымі матэрыяльнымі магчымасцямі тых гадоў.

Бывший иезуитский костел. Вид с запада. Фото 1950-х годовУ 1960-ых гг. праявілася тэндэнцыя актыўнага ўварвання ў гістарычнае гарадское асяроддзе. Знішчаны выдатны помнік барока, асноўная архітэктурная славутасць Пінска, — былы езуіцкі касцёл, які ацалеў у час вайны. Страчаны цікавая двух'ярусная аркада, што прымыкала да галоўнага фасада храма, а таксама будынак езуіцкай аптэкі, пасля зімовай царквы, манастырская агароджа з брамамі і інш. Езуіцкі касцёл (з 1787 г. — вуніяцкая царква, з 1800 г. — праваслаўны Богаяўленскі сабор) быў галоўным вышынным збудаваннем Пінска, бачным з многіх раёнаў горада і за яго межамі. Ён завяршаў відавыя перспектывы вуліц Берасцейскай, Леніна, Іркуцка-Пінскай дывізіі і іншых, а таксама, у мінулым, від уздоўж пратокі ракі Прыпяці, якая ўпадала ў Піну каля галоўнай плошчы. Разам з францысканскім кляштарам касцёл фармаваў велічную панараму горада з шырокіх пойменных тэрыторый правабярэжжа Піны. Зруйнаванне помніка з'явілася вынікам праводзімай у тыя гады ў краіне шырокай барацьбы з рэлігіяй, у прыватнасці каталіцызмам, праяўленнем незразумелай сёння абыякавасці да культурнага набытка продкаў.

Цяпер становіцца зразумелым, што так званая «рэканструкцыя» гісторыка-архітэктурнага ансамбля галоўнай плошчы Пінска, праведзеная ў 1960-ых гг., - адзін з найбольш трагічных узораў шырокамаштабнага знішчэння спадчыны. Яна служыць яскравым праяўленнем адначасова агульнадзяржаўнай палітыкі разбурэння культавых помнікаў, пагарды і раўнадушша да помнікаў археалогіі і культурных каштоўнасцей наогул дзеля будаўніцтва комплексу жылых і грамадскіх дамоў на цэнтральнай гарадской плошчы. Гэта прыклад невысокіх эстэтычных якасцей архітэктуры 1960-ых гг., неразвітасці горадабудаўнічай тэорыі і практыкі, недастатковай культурна-гістарычнай і прафесійнай адукацыі асоб, адказных за ажыццяўленне рэканструкцыі.

«Пераўладкаванне» ансамбля не абмежавалася ліквідацыяй усіх збудаванняў езуіцкага калегіума, за выключэннем трохпавярховага жылога корпуса і двух гаспадарчых будынкаў каля ракі. Дзеля расшырэння прасторы плошчы знесены карпусы гандлёвых радоў — традыцыйны і характэрны элемент ансамбля, не засталося і гістарычнай жылой і грамадскай забудовы паўночнага боку. Паблізу ансамбля замест рэстаўрацыі знесены рэшткі манументальнай сінагогі, рэдкага па сваёй тыпалогіі помніка, закладзенага яшчэ ў пачатку XVI ст.

Сур'ёзнай горадабудаўнічай памылкай стала ліквідацыя часткі гарадзішча, культурны пласт якога быў парушаны яшчэ ў 1926–1928 гг., і будаўніцтва тут па вуліцы Берасцейскай і на заходнім баку плошчы групы пяціпавярховых тыпавых жылых дамоў сумніцельных мастацкіх вартасцей, якія перасеклі ўпоперак тэрыторыю археалагічнага помніка. Дзіўна, што ўзвядзенне такіх жа спрошчаных па архітэктуры тыпавых будынкаў на паўночным баку звузіла плошчу на 30 м у параўнанні з яе шырынёй у XIX ст. Пасля на рагу плошчы і вуліцы Леніна знесены будынак другой паловы XIX — першых дзесяцігоддзяў XX ст., а на перакрыжаванні з вуліцай Першамайскай і па яе заходнім баку — некалькі гістарычных пабудоў, сярод якіх, паводле дадзеных плана горада 1856 г., знаходзілася прыходскае вучылішча.

Магазин начала XX века, перестроенный из приходского училища средины XIX века. Фото 1973 года

Паводле звестак П. Ф. Лысенкі, што прыводзяцца ў кнізе «Гарады Тураўскай зямлі», яшчэ ў канцы 1950-ых гг. у рэльефе мясцовасці ў межах вуліцы Горкага прасочваліся сляды вакольнага горада. Паверхня зямлі ў яго заходняй і паўночнай частках узвышалася над акаляючай тэрыторыяй на 3–6 м. Няцяжка ўявіць, што захаванне гэтай гісторыка-ландшафтнай асаблівасці гарадскога асяроддзя не толькі садзейнічала б ахове археалагічнага помніка, але і значна ўзбагаціла б цэнтр горада ў інфармацыйна-сэнсавых і эстэтычных адносінах.

Да нашага часу страчаны існаваўшы яшчэ ў 1950-ых гг. на перакрыжаванні вуліц Горкага і Першамайскай дамініканскі касцёл (з 1857 г. — саборная Праабражэнская, пазней Феадароўская царква), які дамінаваў над большасцю збудаванняў горада. Разбураны таксама яго вялікі кляштарны корпус з унутраным дваром.

Фабрыка, размешчаная паблізу францысканскага кляштара, пагоршыла экалагічны стан цэнтра горада і ўмовы ўспрыняцця помніка. З неразуменнем гісторыка-горадабудаўнічых традыцый звязана ўзвядзенне ў 1960-ых гг. гасцініцы на набярэжнай, якая функцыянальна і прасторава аддзяліла ад ракі былы палац Бутрымовіча — помнік барока і класіцызму 1794 г. Гэты рэдкі ўзор гарадскога палаца, існуючага і зараз, паўднёвым фасадам з курданёрам быў павернуты да ракі і зарэчных тэрыторый, меў перад сабой сад і дзве рэгулярнай канфігурацыі гавані для суднаў. Гасцініца назаўсёды пазбавіла магчымасці ўзнаўлення ландшафтнага наваколля і малых архітэктурных форм сядзібнага ансамбля. Аднак неабдуманасць дадзенага рашэння яшчэ малазначная памылка ў параўнанні з наступным рэканструкцыйным крокам — прыбудовай у 1980-ых гг. да старой 3-павярховай гасцініцы новага 9-павярховага вежавага корпуса, які сваім маштабам непапраўна сказіў гарадское асяроддзе гэтага раёна. Акрамя таго, для яго будаўніцтва спатрэбілася знесці два каштоўныя старыя будынкі, якія фармавалі ўчастак забудовы вуліцы Леніна — галоўнага гісторыка-архітэктурнага ансамбля Пінска.

Здание конца XIX- начала XX века, снесенное при строительстве гостиницы. Фото 1973 года

Трэба адзначыць, што, нягледзячы на істотныя страты, у пачатку 1970-ых гг. гістарычны раён Пінска яшчэ захоўваў цэласнасць у адносінах свайго сілуэта, прасторавай арганізацыі шматлікіх гарадскіх вуліц, маштаба мала- і сярэднепавярховай забудовы, архітэктуры фасадаў будынкаў. Вобраз гарадскога асяроддзя вызначаўся барочнымі дамінантамі, масавай забудовай XIX — пачатку XX ст. эпохі Расейскай імперыі, помнікамі будаўнічай культуры польскага перыяду. Рэканструкцыйныя дзеянні 1970, 1980 і пачатку 1990-ых гг. моцна парушылі цэласнасць старажытнага раёна.

Амаль цалкам разбурана прадмесце Каралін, якое было вельмі рэдкім у Беларусі прыкладам сядзібнай забудовы вялікай тэрыторыі капітальнымі будынкамі канца XIX — пачатку XX ст. Адна-, двухпавярховыя дамы, унрыгожаныя арнаментальнай цаглянай муроўкай, спалучалі розныя будаўнічыя матэрыялы ў апрацоўцы фасадаў, размяшчаліся ў густой зеляніне садоў і фармавалі спецыфічнае аблічча прадмесця, якое адрознівалася ад іншых раёнаў Пінска. Цяпер большая частка гэтай тэрыторыі, як і ўчастак палаца М.Вішнявецкага, занята буйнамаштабнай, шматпавярховай жылой і грамадскай забудовай. Касцёл Карла Барамея (1770–1782) у стылі барока аббудаваны 9-павярховымі вежавымі жылымі дамамі з выкарыстаннем няўдалага вопыту сучаснай архітэктуры, што прасторава ізалявала помнік, зрокава паменшыла маштаб храма і знізіла яго візуальны ўплыў. Трэба адзначыць, што, паводле дадзеных гістарычных крыніц, яшчэ ў 1909 г. ва ўсходняй частцы Караліна на сядзібных участках прасочваліся рэшткі крапасных сцен замка Вішнявецкага, складзеных з цэглы вялікага памеру, а паводле звестак відавочцаў, яны заставаліся прыкметнымі яшчэ ў 1950-ых гг.

Снесенное здание францисканского монастыря. Фото 1973 года

Нанесены ўрон ансамблю францысканскага кляштара — знесены будынак на набярэжнай, паказаны на плане 1856 г., які меў выразнае архітэктурнае аблічча, а таксама манастырская сцяна з боку вуліцы В. Харужай. На перасячэнні набярэжнай і вуліцы Заслонава знішчаны два жылыя дамы канца XIX ст. — 1920-ых гг., якія неабходна было захаваць і ўлічыць у архітэктурна-планіровачным рашэнні ўчастка перад узведзеным будынкам гарвыканкама.

Жилые дома по ул.Заслонова. Фото 1973 года.

Побач, па вуліцы Някрасава, зруйнаваны прыкметны па архітэктуры жылы дом пачатку XX ст. з мезанінам і мансардай. Сам жа будынак гарвыканкама па аб'ёмна-прасторавай кампазіцыі не звязаны з гарадскім гістарычным асяроддзем Пінска.

Руины здания по ул.Некрасова. Фото 1973 года

Да найбольш буйных памылак фармавання цэнтра адносіцца будаўніцтва працяглых шматпавярховых дамоў па вуліцах Чарняхоўскага і Завальнай, у прыватнасці, узвядзенне магутнай, прасторава развітай 9-павярховай жылой структуры ў межах вуліц Берасцейскай, З. Касмадзям'янскай, Завальнай. Асобна ўзяты, гэты комплекс цікавы па архітэктурным рашэнні, але ва ўмовах цэнтра горада з'яўляецца рэзка дысгармануючым элементам, які карэнным чынам парушае гістарычныя маштабныя сувязі. Для таго каб размясціць комплекс, каля дзесятка каштоўных у культурных адносінах будынкаў пайшлі пад знос. Якасці гістарычнай кампазіцыі, напрыклад, перыметральная забудова закладзеных у эпоху класіцызму кварталаў, не ўзяты пад увагу пры будаўніцтве жылога дома на рагу вуліц Заслонава і Равецкай. Асабліва востра маштаб гарадскога асяроддзя скажае велізарны будынак тэлефоннай станцыі, прыбудаваны да паштамта па вуліцы Заслонава.

Няведанне гісторыка-горадабудаўнічых традыцый, нежаданне ўлічыць характэрныя для канкрэтнага горада асаблівасці развіцця планіровачнай структуры і прасторавай кампазіцыі былі адной з прычын рашэнняў, якія нанеслі сур'ёзную шкоду спадчыне і ў іншых гарадах Берасцейскай вобласці.

Страчаная спадчына / Т.В. Габрусь [і інш.]; уклад. Т.В. Габрусь. — Мінск : Беларусь, 2003. — 301-314 с. ; іл.

Смотри также:

Что имеем - не храним...

Что имеем-не храним. Часть 2

 

Hits
6539 views